[personal profile] asfendiar
Originally posted by [livejournal.com profile] kurt_bielarus at Іспанія. Красавік 1939 году. Першы крах гібрыднай вайны Сталіна
АЎТАРСКІ ПРАЕКТ
http://belsat.eu/be/articles/krasavik-1939-godu-pershy-krah-gibrydnaj-vajny-stalina/

«У гэты дзень нацыянальныя войскі захвацілі ў палон і абяззброілі ўсю Чырвоную Армію, дасягнуўшы ўсе свае мэты. Вайна скончаная», – такое паведамленне пачулі гішпанцы па радыё 1 красавіка 1939 году, пасля амаль трох год доўгага змагання, у якім іспанская кроў лілася з абодвух бакоў. Belsat.eu публікуе аўтарскі матэрыял гісторыка, вайсковага эксперта Аляксандра Гелагаева.

Грамадзянскай вайна ў Іспаніі не была чыста ўнутрыдзяржаўным канфліктам – на полі бою нацыяналісты сутыкнуліся не толькі з камуністамі, анархістамі і сацыялістамі мясцовага паходжання. Ім супрацьстаялі савецкія генералы, афіцэры, тэхнікі, танкі, самалёты і артылерыя.

«Добраахвотнікі» і «інтэрнацыяналісты», а таксама кадравыя супрацоўнікі кантраляванага Масквой Камуністычнага Інтэрнацыяла (Камінтэрна) дзіўным чынам аказаліся з новымі прозвішчамі і без савецкіх знакаў адрознення на іспанскай зямлі. Савецкія чэкісты катавалі людзей у мадрыдскіх турмах, а савецкая і падкантрольная камуністам прэса на ўвесь свет крычала пра барацьбу з »фашызмам«.

Першыя стрэлы

У пачатку 1936 года да ўлады ў Іспаніі прыйшоў новы ўрад, але сітуацыя ў краіне пагаршалася з кожным месяцам. Перамога левых сіл на выбарах прывяла да выбуху тэрору, найперш супраць палітычнай апазіцыі і Каталіцкай Царквы. Лева-радыкальны ўрад, які меў падтрыманне камуністаў, зусім не спяшаўся наводзіць парадак. Наадварот, паліцыі і войскам забаранялі разганяць пагромшчыкаў і падпальшчыкаў цэркваў і кляштараў, а пад забарону траплялі газеты, якія крытыкавалі ўрад. На вуліцах рэгулярна сталі гучаць стрэлы, паднялася хваля гвалту паміж левымі і правымі радыкаламі, але і тут урад караў толькі апошніх.


Левыя баевікі ў Іспаніі страляюць у статую Хрыста пад Мадрыдам. Фота было апублікавана ў лонданскай газеце Daily Mail.


Сацыялісты і камуністы, якія атрымлівалі фінансаванне з Масквы, ужо ўголас заяўлялі, што перамога на выбарах была для іх толькі прамежкавым этапам, і што цяпер трэба пакласьці канец парламенцкай дэмакратычнай сістэме, усталяваць «дыктатуру пралетарыята». Фармальна законна абраны ўрад імкліва пераўтвараўся ў беззаконны рэжым палітычнага тэрору, у якім гралі галоўную ролю радыкальныя актывісты праўрадавых партый.

На гэтым тле пасля забойства аднаго з лідараў парламенцкай апазіцыі службоўцамі дзяржаўнай паліцыі (забойства было хутка раскрытае, але так і засталося непакараным) група іспанскіх вайсковых і грамадскіх дзеячаў рашылася падняць паўстанне ў ліпені 1936 году. Аднак хутка ўзяць уладу ў краіне не атрымалася, Мадрыд застаўся пад кантролем левага ўраду – пачалася працяглая вайна.


Добраахвотнікі Наварскіх брыгад арміі нацыяналістаў.


На баку паўстанцаў, якія саманазваліся «нацыяналістамі» ці «нацыянальнымі сіламі», бо заявілі што ваююць за нацыянальную Іспанію супраць камуністычнай інтэрвенцыі, выступілі найбольш баяздольныя часткі іспанскай арміі. Новапаўсталыя добраахвотніцкія часткі нацыяналістаў у цэлым таксама адрозніваліся добрай арганізацыяй і дысцыплінай.

«Гішпанскія партызаны» з НКУС

Як і ў канцы лета 2014 году на Данбасе, у канцы лета-восенню 1936 году вайна ў Іспаніі магла скончыцца хуткай перамогай лепш падрыхтаваных і арганізаваных нацыяналістаў.

Аднак як раз у гэты час ад ваеннага краху бок »чырвоных«, якіх традыцыйна называюць »рэспубліканцамі«, уратавала замежная вайсковая дапамога – СССР наўпрост ад сябе і праз Камінтэрн пачаў адпраўляць у Іспанію ваенную тэхніку, афіцэраў і генералаў, каб уратаваць мадрыдзкі ўрад. Ваенная залежнасць ад Масквы паступова пераўтварала ўрад рэспубліканцаў у марыянеткавы.

Несумненна, Грамадзянская вайна ў Іспаніі, у адрозненне сучасных падзеяў у Украіне, амаль цалкам справакаваных расейскім умяшальніцтвам, мела вельмі шмат унутраных прычын – краіну разрывалі сацыяльныя, эканамічныя і ідэйныя канфлікты. Аднак можна сказаць і пра тое, што актыўнасць савецкай прапаганды, нелегальная падтрыманне Масквой іспанскіх камуністаў, дзеянні савецкіх спецслужб ня толькі зрабілі вайну больш крывавай, але і былі адным з фактараў яе развязвання.


Захоплены нацыяналістамі савецкі танк Т-26 у Музэі бранетанкавай тэхнікі ў Іспаніі.


У Іспанію Сталін адправіў каля 350 танкаў, з якімі састарэлыя і слаба ўзброеныя танкі нацыяналістаў проста ніяк не маглі змагацца, 60 бронеаўтамабіляў, як больш за 1100 артылерыйскіх гармат, сотні тысяч адзінак рознай стралковай зброі. Амаль уся рэспубліканская бамбардыровачная і знішчальная авіяцыя складалася з савецкіх самалётаў. За баі ў Іспаніі таемна атрымалі ўзнагароды, у тым ліку званні Героя Савецкага Саюзу, дзясяткі савецкіх генералаў і афіцэраў.

Як і зараз у РФ, афіцыйная савецкая прэса маўчала пра тое, што, напрыклад, ваенны дарадца пры 12 Інтэрнацыяльнай брыгадзе Пабла Фрыц – гэта на самой справе камандзір палка ў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі Павал Батаў, які пазней стане дарадцам пры камандуючым цэлага фронту іспанскай чырвонай арміі. За баі ў Іспаніі ў якасці «добраахвотніка» Батаў атрымаў ардэны Леніна і Чырвонага Знамені.

«Змагаўся з фашызмам» у Іспаніі і савецкі афіцэр Сямён Крывашэін. Ён таксама атрымае ордэн Леніна, і ўжо восенню 1939 года будзе стаяць на адной трыбуне разам з калегамі-танкістамі арміі нацысцкай Нямеччыны падчас параду ў захопленым немцамі Берасці.

«Народным партызанскім рухам у Іспаніі ў супрацы з агентамі НКУС фактычна кіраваў Ілля Старынаў – афіцэр Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Чырвонай Арміі. «У Іспанію мы накіроўвалі як сваіх маладых, недасведчаных аператыўнікаў, гэтак і вопытных інструктураў-прафэсіяналаў. Гэтая краіна зрабілася свайго рода палігонам, дзе выпрабоўваліся і адпрацоўваліся нашыя будучыя ваенныя і разведвальныя аперацыі, – напіша пазней афіцэр НКУС Павал Судаплатаў, якія пасля вайны стане начальнікам МГБ СССР па дыверсійнай працы за мяжой і генерал-лейтэнантам. «У Іспаніі я быў... у якасці польскага добраахвотніка ў складзе інтэрнацыянальнай партызанскай часткі пад кіраўніцтвам НКУС», – заўважыць ён.


Старшы маёр дзяржбяспекі СССР Павал Судаплатаў.

У цэлым тысячы савецкіх ваенных прайшлі праз вайну на Пірынейскай паўвыспе. Але афіцыйна і з помпай адпраўляліся ў Іспанію з СССР толькі »гуманітарныя канвоі«...

СТАЛІНСКАЕ ФІЯСКА

Пасля пачатку вайны нацыяналісты ў сваю чаргу наладзілі сувязь з вонкавым светам і атрымлівалі ваенную дапамогу звонку – найперш з Італіі і Нямеччыны. Аднак і сам факт дапамогі тут асабліва ніхто не хаваў, замежная прапаганда і дзейнасць хаўруснікаў не выходзілі з-пад кантролю саміх нацыяналістаў, таму цвёрдая палітыка іхнага лідара Францыска Франка не дазволіла Берліну і Рыму зрабіць Іспанію сваёй марыянеткай. Галоўным фактарам перамогі нацыяналістаў у вайне стала не дапамога таго ці іншага боку, а здольнасць самаарганізавацца, вучыцца, падтрымліваць дысцыпліну і аднаўляць больш-менш нармальнае эканамічнае жыццё на падкантрольных ім тэрыторыях.

Калі ў «чырвонай» Іспаніі панаваў голад, Іспанія нацыяналістычная харчавалася даволі добра, калі савецкія афіцэры самі вадзілі падначаленых у танкавыя атакі, то Франка пры ўсякай магчымасці выкарыстоўваў замежных афіцэраў не на фронце, а для падрыхтоўкі сваіх, іспанскіх ваенных спецыялістаў. Аб’яднаныя адзінай мэтай – перамагчы, нацыяналісты розных накірункаў практычна ня зведалі ўнутранага тэрору, а вось розныя марксісцкія і анархісцкія групоўкі актыўна знішчалі адна адну ў сваім тыле. Пераможцамі ў крывавай унутрывідавой барацьбе сталі камуністы, кантраляваныя і падтрыманыя Сталіным.

Нацыяналісты месяц за месяцам, год за годам метадычна праводзілі наступальныя аперацыі, вызваляючы адну правінцыю Іспаніі за другой. Пад канец 1938 году сам СССР згубіў веру ў свой «іспанскі праект» і пачаў дапамагаць ураду ў Мадрыдзе ўсё менш і менш. Тым больш, што Масква ўжо атрымала на «захаванне» іспанскі залаты запас, якога больш ніхто з іспанцаў не пабачыў...


Вясна 1939 году. Іспанскія добраахвотнікі-манархісты ідуць парадам вуліцамі Валенсіі.


Вясной 1939 году вынік вайны быў відавочны для ўсіх. У сакавіку »чырвоныя« іспанскія афіцэры паднялі паспяховае паўстанне супраць пракамуністычнага ўрада, і ўжо ў канцы месяца без бою нацыяналісты ўвайшлі ў Мадрыд.

Спроба Сталіна праз прапаганду, высілкі спецслужбаў, нелегальныя ваенныя і палітычныя аперацыі – тое, што зараз называецца »гібрыднай вайной« – атрымаць кантроль над Іспаніяй правалілася.

Аляксандр Гелагаеў

Profile

asfendiar

December 2016

S M T W T F S
     12 3
4 567 89 10
11 1213 1415 1617
18 19 20 2122 2324
25262728293031

Most Popular Tags

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 9th, 2025 03:16 am
Powered by Dreamwidth Studios